ДАГАВО́Р ПАСТА́ЎКІ,

пагадненне, у адпаведнасці з якім арганізацыя-пастаўшчык абавязваецца паставіць арганізацыі-пакупніку прадукцыю (тавары) ва ўстаноўлены тэрмін, па ўзгодненай цане і ў адпаведнасці з узгодненымі тэхн. патрабаваннямі. У дагаворы пастаўкі вызначаецца наменклатура (асартымент), колькасць і якасць прадукцыі (тавараў), тэрміны пастаўкі і цана, а ў доўгатэрміновым дагаворы па працяглых прамых гасп. сувязях — найменне, групавая наменклатура (асартымент) і колькасць прадукцыі, парадак і тэрмін узгаднення і прадастаўлення спецыфікацый. Пры адсутнасці гэтых умоў дагавор пастаўкі лічыцца незаключаным. За парушэнне абавязкаў дагавора пастаўкі плаціцца няўстойка (штраф, пеня) і кампенсуюцца страты (панесеныя расходы і неатрыманы прыбытак).

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)